г. Брест, ТЦ «НИКОЛЬСКИЙ», ул. Карбышева, д. 21, пав.236
Гродно МогилёвСведкамі незвычайнага свята цымбальнай музыкі і саміх цымбалаў змаглі стаць мінчане, якія завіталі 13 красавіка ў сталічны магазін “Музыка” па вуліцы Якуба Коласа, 39. Тут адбыўся дзіцячы цымбальны фестываль у “Музыцы”, які сабраў дзясяткі ўлюбёных у гэты народны беларускі інструмент дзяцей, іх выкладчыкаў, бацькоў і сяброў.
Як расказвае ініцыятар праекта выкладчык па класе цымбалаў мінскай дзіцячай школы мастацтваў № 16 і мінскай сярэдняй школы № 1 Кацярына Козіч, усё пачалося недзе 7 ці 8 гадоў назад, калі яна вырашыла стварыць у сацыяльнай сетцы “УКантакце” групу аматараў цымбалаў, якая аб’яднала б усіх цымбалістаў Мінска. Тады Кацярына была яшчэ студэнткай Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, ёй, маладой і ўтрапёнай, вельмі хацелася неяк разварушыць сітуацыю з цымбальнай музыкай у краіне, тым больш зусім не на карысць гэтай сітуацыі ігралі тады многія фактары, а найперш закрыццё Барысаўскай фабрыкі музычных інструментаў, якая выпускала ў тым ліку цымбалы.
Дэвіз сацыяльнай групы цымбалістаў прыдумаўся, як гаворыць Кацярына Козіч, неяк сам сабой. Многія з яе калег, якія далучыліся да групы ва “УКантакце”, паблажліва называлі цымбалы дроўцамі. І тады Кацярына выгукнула на ўвесь інтэрнэт: “Цымбалы — гэта вам не дровы! Гэта шыкоўны беларускі інструмент!”
А тым часам колькасць удзельнікаў сацыяльнай групы цымбалістаў імкліва павялічвалася. Кацярына Козіч нават не заўважыла, калі іх колькасць дасягнула тысячы чалавек, прычым гэта былі людзі не толькі з Мінска і нават не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Украіны, ЗША, Германіі і іншых краін. І менавіта ў гонар гэтай шчаслівай тысячы ў 2014 годзе было вырашана правесці першы цымбальны фэст, які прайшоў тады ў мінскай дзіцячай музычнай школе № 3.
- У нас было і ёсць дзве галоўныя задачы, — адзначае Кацярына Козіч. — Першая — даць магчымасць дзецям іграць на сцэне не ў жорсткім конкурсным, а ў вольным фармаце, знаёміцца з творчасцю іншых дзяцей, а настаўнікам — у нефармальных умовах абмяняцца вопытам, завесці новыя знаёмствы. А другая задача заключаецца ў прапагандзе саміх цымбалаў, папулярызацыі гэтага цудоўнага інструмента ў нашым грамадстве.
Сёлета ж Кацярына Козіч вырашыла правесці другі такі фэст, і выбар месца яго правядзення невыпадкова выпаў на магазін “Музыка” — найбуйнейшы ў краіне музычны магазін з шырокім асартыментам аматарскіх і прафесійных музычных інструментаў, які з’яўляецца афіцыйным дыстрыб’ютарам і пастаўшчыком музычнага абсаталявання, акрамя гэтага, актыўна займаецца сацыякультурнай дзейнасцю (на пляцоўцы “Музыкі” ў свой час праходзіў фартэпіянны конкурс, ладзіліся музычныя дыскусіі, выступалі многія зоркі беларускай эстрады).
У асобе дырэктара магазіна “Музыка” Марыны Санковіч Кацярына Козіч знайшла адназначную падтрымку цымбальнага праекта. Яшчэ адным партнёрам гэтай ініцыятывы стала прыватнае прадпрыемства “Фабрыка музыкі”, якое ўжо два гады займаецца выстворчасцю цымбалаў, у пэўным сэнсе заняўшы тую нішу, якую займала некалі Барысаўская фабрыка музычных інструментаў.
- Калі дзесяць гадоў назад перастала існаваць Барысаўская фабрыка, — расказвае нашаму карэспандэнту Марына Санковіч, — востра паўстала пытанне аб задавальненні патрэб нашых пакупнікоў. Спачатку мы спрабавалі супрацоўнічаць з рознымі прадпрымальнікамі, якія займаліся вытворчасцю цымбалаў. Але гэта не дало станоўчых вынікаў. Пакупнікоў не задавальняла якасць, цымбалы не вытрымлівалі гарантыйных тэрмінаў, мы як прадаўцы сутыкаліся з вялікімі праблемамі. Урэшце мы зразумелі, што ў нас павінен быць нейкі адзін пастаянны і надзейны партнёр-вытворца. І такім якраз стала невялікае прыватнае прадпрыемства “Фабрыка музыкі”, якое адразу паставіла задачу стварыць інструмент, які спадабаўся б усім музыкантам і задаволіў бы іх запыты. Калі на фабрыцы быў створаны першы інструмент, яго скрупулёзна тэсціравалі музыканты і выкладчыкі, выказвалі свае заўвагі, што было неадкладна ўлічана пры далейшай вытворчасці. І сёння многія выкладчыкі гавораць, што цымбалы, вырабленыя на “Фабрыцы музыкі”, яшчэ, можа быць, не дасягнулі канцэртнай якасці (для гэтага трэба, каб прайшло гадоў дзесяць, калі інструмент канчаткова высахне, абыграецца і г.д.), але яны найлепшыя з усіх, якія на цяперашні момант выпускаюцца ў нашай краіне.
Дарэчы, неабходна заўважыць, што спачатку за аснову вытворчасці на “Фабрыцы музыкі” былі ўзяты чарцяжы менавіта Барысаўскай фабрыкі, але інструмент бясконца ўдасканальваўся. Сёння ён перакроены ў параўнанні з колішнімі барысаўскімі цымбаламі ці не на 50 працэнтаў. У магазіне “Музыка” можна падрабязна азнаёміцца з гэтымі цымбаламі, уласнаручна іх пратэсціраваць — пайграць на іх. Для выкладчыкаў і пакупнікоў іншых катэгорый існуюць зручныя праграмы лаяльнасці.
А 13 красавіка ў цудоўным цымбальным канцэрце прынялі ўдзел каля 30 дзяцей з дзіцячых музычных і агульнаадукацыйных школ Мінска, Чэрыкава, Горак і Фаніпаля (удзельнікаў размеркавалі па ўзроставых катэгорыях (6—8, 9—11 і 12—15 гадоў) і намінацыях (“Сола” і “Ансамбль”). Таксама выступілі і прафесійныя музыканты з дуэтаў “Кантрасты” і Die Gäste. Удзельнікі фэсту атрымалі граматы, эксклюзіўную сувенірную прадукцыю, падарункі ад магазіна “Музыка”.
“Мы верым у музыку і цымбалы!” — гэта яшчэ адзін дэвіз беларускіх цымбалістаў.
Фотографии Марии Авериной
У вас уже есть товар из другой категории. Пожалуйста, удалите его для того, чтобы сравнить товары из другой категории